Зараз сярод беларускіх праўнікаў, невядома з чаго, пашыраецца меркаванне, што майніць бітку на хатнім кампе – без рэгістрацыі ў якасці ІП — нельга.
На нашую сціплую думку, меркаванне аб тым, што саматужны майнінг крыптавалюты на хатнім кампутары з’яўляецца прадпрымальніцкай дзейнасцю, не грунтуецца на нормах закону.
Давайце звернемся да палажэнняў Цывільнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь.
Артыкул I Цывільнага Кодэксу, прынамсі, сцвярджае, што за прадпрымальніцкую дзейнасць уважаецца такая дзейнасць, якая:
“Ажыццяўляеццца самастойна юрыдычнымі альбо фізічнымі асобамі пад час удзелу ў ЦЫВІЛЬНЫМ АБАРАЧЭННІ ад свайго ўласнага імя, на сваю рызыку і пад сваю маёмасную адказнасць, і скіраваная на сістэматычнае атрыманне прыбытку ад карыстання маёмасцю, продажу рэчаў, вырабленых, альбо перапрацаваных, альбо прыдбаных вышэйазначанымі асобамі для продажу, а таксама з выканання прац альбо паслуг, калі гэткія працы альбо паслугі прызначаюцца да рэалізацыі іншымі асобамі і не выкарыстоўваюцца для ўласнай спажывы.
З гэтага досыць складанага вызначэння просты чалавек мусіць для сябе прыкмеціць наступныя элементы:
ЦЫВІЛЬНЫ АБАРОТ – пад гэтым разумеецца цывільна-праўнае адлюстраванне эканамічнага абароту, якое рэалізуецца ў падлягаючых цывільнаму рэгуляванню абавязках,, што вынікаюць з дамоваў альбо іншых падстаў, азначаных у Цывільным Кодэксе (напрыклад, з прычынення шкоды). Удзельнікамі цывільнага абароту могуць быць суб’екты цывільнага права, якія ўступаюць у цывільны абарот дзеля ўласных патрэб, што не забаронены заканадаўствам.
НА СВАЮ РЫЗЫКУ – гэта значыць пад сваю маёмасную і іншую адказнасць у межах цывільнага заканадаўства за парушэнне ўмоваў кантракту, альбо з падставы ўчынення шкоды.
ПРЫБЫТАК – дзейнае беларускае падатковае заканадаўства аперуе тэрмінам “ВАЛАВЫ ПРЫБЫТАК”, альбо як ПРЫБЫТАК BRUTTO. За ПРЫБЫТАК BRUTTO уважаецца адпаведна арт. 126 Падатковага Кодэксу Беларусі – сума прыбытку ад рэалізацыі тавараў (прац, паслуг), маёмасных правоў і пазарэалізацыйных прыбыткаў, што зменшаны на суму пазарэалізацыйных вытрат.
Плацельшчыкі, што дастасоўваюць спецыяльныя рэжымы падаткаабкладання пры вызначэнні БРУТА ПРЫБЫТКУ, не ўлічваюць прыбыткі і вытраты, што дапасуюцца да гэткіх рэжымаў падаткаабкладання.
Тут жа адразу заўважым, што пазарэалізацыйны прыбытак не можа з’явіцца ў таго, хто проста не з’яўляецца плацельшчыкам ПАДАТКУ НА ПРЫБЫТАК. То бокі калі вы не зарэгістраваны ў якасці ІП, то пры любых раскладах пазарэалізацыйнага прыбытку ў Вас быць проста не можа.
Пасля таго, як мы звярнулі ўвагу на змест вышэйузгаданых юрыдычных тэрмінаў, мы мусім адпавесці на пытанне: як удзельнічае ў цывільным абарачэнні чалавек, які майніць біткойн (ці йншы крыптаінструмент) на ўласным кампутэры?
Дзеля майнінгу ён не ўступае ні з кім у якія кольвек праваадносіны, не заключае для гэтага аніякіх кантрактаў. Асабліва завумныя тэарэтыкі могуць пачаць казаць нешта пра ліцэнзіі на ПЗ для майнінга, аднак гэта не будзе слушным. Па-першае, цяжка акрэсцліць другі бок дадзенай угоды, а па-другое, ніякіх абавязкаў вы на сябе не прымаеце, за парушэнні якіх вас маглі б пазваць у суд.
Такім чынам, калі чалавек проста майніць саматужна біткойн – ён не ўдзельнічае ў цывільным абароце, а таму дальнейшыя гутаркі з’яўляюцца проста бессэнсоўнымі. Нават калі ён атрымлівае выгоду, ён яе атрымлівае не з падставы ўдзелу ў цывільным абарачэньні, а значыць і прадпрымальніцкай дзейнасцю гэта з’яўляцца не можа. Гэта як збор грыбоў ці ягад. Калі вы збіраеце грыбы ці ягады, вы можаце купляць для гэтага адмысловую вопратку, абутак, іншыя прынады, але калі вы не знойдзеце грыбоў, то нікому і нічога не будзеце павінны.
Іншая справа, калі вы вырашыце адчыніць уласную ферму па майнінгу крыптавалюты, закупіць абсталяванне за кошт пазыкаў інвестараў, узяць на працу работнікаў і г.д. Тут ужо відавочна будзе, што дзеля атрымання выгоды вы ўступаеце ў цывільна-прававыя і працоўна-прававыя ўгоды, а значыць -дзейнічаеце ў цывільным абарачэнні. Гэткая дзейнасць можа быць кваліфікавана ў якасці прадпрымальніцкай.