На дадзены момант шмат кім з антыкрызісных адміністратараў практыкуецца прыцягненьне да субсідыйнай адказнасьці ў форме загаднага судачынства. Аднак ці практыка ўжываньня судовых загадаў па гэтай катэгорыі справаў адпаведная літары закону?
На наш погляд, катэгарычна не. Давайце зьвернемся да зьместу ч.2, арт. 220 Гаспадарча-працэсуальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь, што вызначае прававую прыроду загаднага судачынства.
У форме загаднага судачынства разглядаюцца патрабаваньні:
а) аб спагнаньні грашовых сродкаў;
б) аб вызваленьні маёмасьці;
в) спашуканьне маёмасьці даўжніка
Дзеля таго, каб усе гэтыя патрабаваньні мажліва было разгледзець у загаднай форме судачынства патрэбна, каб гэтыя патрабаваньні:
а) мелі бяспрэчны характар, то бок заснаваны на дакумэнтах, якія спраўджваюць віну даўжніка
альбо
б) вызнаваліся даўжніком, але ім не выконваліся
альбо
в) былі заяўлены на сумму да ста базавых велічыняў.
Па першае, згодна з артыкулам 370 Цывільнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь – асоба, якая прыцягваецца да субсідыйнай адказнасьці не з’яўляецца даўжніком. Дадзеная асоба мянуецца нават не “дадатковым даўжніком”, бо артыкул аперуе тэрмінам “падставовы даўжнік” і “асоба, якая цягне субсідыйную адказнасьць”.
Гэта вынікае і з тэорыі цывільных праваадносінаў, бо асоба, якая цягне субсідыйную адказнасьць не з’яўляецца бокам у праваадносінах зь якіх вынікае патрабаваньне і таму фактычна не можа быць даўжніком да моманту вызнаньня судом, яго вінаватым і прыцягненьня да субсідыйнай адказнасьці. І з арт. 11 Закона “Аб банкруцтве” дзе пад даўжніком разумецца само прадпрыемства. ю
Субсідыйная адказнасьць можа быць толькі на падставе закону альбо згодна з умовамі цывільнага абавязацельства – ч.1, арт. 370 ЦК РБ.
У сферы банкруцтва — субсідыйная адказнасьць не можа быць заснавана на дакуманце то бок мець бясспрэчны характар. Дырэктар не падлягае бяспрэчнай субсідыйнай адказнасьці з падставы свайго дырэктарства. Мы згодны, што дакументальнай падставай для такой адказнасьці не ў пляне банкруцтва можа тэарытычна быць факт удзелу ў таварыстве з дадатковай адказнасьцю на ўмовах прадугледжаных статутам кампаніі. Хоць і тут гэта небяспрэчна.
Аднак, што тычыцца праваадносінаў, якія вынікаюць з банкруцтва – гэта пытаньне працэсуальнага даказваньня і пазоўны бок (рас. істец) мусіць давесьці падставы для субсідыйнай адказнасьці пазванага боку (рас. ответчіка). Бо адпаведна з ч.2, арт. 11 Закона “Аб банкруцтве” Рэспублікі Беларусь – калі банкруцтва даўжніка – юрыдычнай асобы выклікана ўласьнікам яго маёмасьці, заснавальнікамі (удзельнікамі) і йншымі асобамі, у тым ліку кіраўніком даўжніка, якія маюць права даваць абавязковыя для даўжніка ўказаньні альбо якія маюць іншым чынам вызначаць яго ўчынкі, то такія асобы пры недастатковасьці маёмасьці даўжніка для разлікаў з крэдыторамі салідарна цягнуць субсідыйную адказнасьць з абавязкаў даўжніка. Адразу скажам, што апінія антыкрызіснага адміністратара аб падставах банкруцтва не пацьвярджае запазычанасьць, яна з’яўляецца адным з доказаў аб тым, ці было выклікана банкруцтва тымі ўчынкамі, якія цягнуць субсідыйную адказансьць, а гэта не адное і тое ж, што й пацьверджаньне запазычанасьці згодна з арт. 220 ГПК Рэспублікі Беларусь.
Таксама нельга кваліфікаваць накіраваньне судовага загаду асобе, якая прыцягваецца да субсідыйнай адказнасьці і не адказ на яе, як прызнаньне, але невыкананьне абавязацельства. Асоба, якая прыцягваецца да субсідыйнай адкзанасьці не з’яўляецца даўжніком у цывільна прававым сэнсе, таму сам па сабе факт накіраваньня да яе прэтэнзіі не усталёўвае факту, што гэтая асоба згодная з прад’яўленнымі да яе патрабаваньнямі бо яна не з’яўляецца суб’ектам праваадносінаў зь якіх вынікае доўг. І тым больше не зразумела, як выконваецца патрабаваньне арт. 221 ГПК РБ аб прадстаўленьні
Субсідыйнае абавязацельства ў працэдуры банкруцтва можа вынікаць толькі пасьля высьвятленьня фактаў прадугледжаных ч.2, арт. 11 Закону “Аб банкруцтве”.
Тым болей, што ч.4, арт. 11 Закону “Аб банкруцтве” проста кажа аб тым, што прыцягненьне да субсідыйнай аказнасьці адбываецца на падставе судовай позвы.
Такім чынам, лічым практыку разгляду пытаньняў аб прыцягненьні да субсідыйнай адказнасьці з падставы банкруцтва ў межах загаднага судачынства не адпавядаючай дзейнаму заканадаўству.