адвакат, кандыдат юрыдычных навук
Віталь Каляда
Невялічкі расейска-беларускі слоўнічак для артыкула:
віра – штраф
увознае мыта – импортная пошлина
ліхва – проценты
укласьці дамову – заключить договор
угода дастачы – договор поставки
умовы дастачы – условия поставки
дастаўца – поставщик
мытны хаўрус – таможенный союз
просты доказ – прямое доказательство
заробак у капэрце – зарплата в конверте
Як вядома мытныя ворганы праяўляюць пільную ўвагу да тавараў, якія былі ўвезеныя на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з прадстаўленьнем мытных ільготаў. Тавары, якія былі ўвезеныя з наданьнем мытных ільготаў знаходзяцца пад мытным кантролем апдаведна артыкула 200 Мытнага Кодэкса Эўразійскага Эканамічнага Хаўруса і маюць статус умоўна дазволеных да ўнутранага абарачэньня тавараў.
Да такой катэгорыі тавараў адносяцца, у тым ліку, і тавары, якія былі ўвезеныя на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з выкарыстаньнем ільготаў прадугледжаных Дэкрэтам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2012 году № 6 “Аб стымуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадзкіх паселішчаў, сельскай мясцовасьці” (з наступнымі зьмяненьнямі а дапаўненьнямі) адсюль і надалей Дэкрэт №6. Ці трэба казаць, аб што фірмы, якія карыстаюцца такімі ільготамі знаходзяцца ў групе падвышанай рызыкі мытнай праверкі?
Абзацам 10, п.1.9. Дэкрэту № 6 прадугледжана, што нададзеныя йльготы па ўвознаму імпартнаму мыту на ўвоз тавараў, прадугледжаных у п.1.9. Дэкрэта № 6 губляюць юрыдычную моц у выпадку, калі камерцыйнай арганізацыяй (уласьнікам маёмасьці арганізацыі) укладзеныя ўгоды, якія прадугледжваюць пераход права ўласнасьці, права гаспадарчага вядзеньня, права аператыўнага кіраваньня на тавары, альбо тавары фактычна перададзеныя ў часовае карыстаньне.
Адным з распаўсюджаных прыёмаў кантролю за выкананьнем патрабаваньняў абзацу 10, п. 1.9 Дэкрэту №6 з боку мытных ворганаў, з’яўляецца запыт у ДАІ а іншыя дзяржаўныя ворганы на прадмет прадстаўленьня інфармацыі аб парушэньнях правілаў дарожнага руху транспартнымі сродкамі, увезенымі з выкарыстаньнем вышэйузгаданых ільготаў і дадзеных аб асобах, якія былі прыцягнутыя за гэта да адміністрацыйнай адказнасьці ў якасьці кіроўцаў гэтых аўто. Пасьля атрыманьня такіх звестак, мытныя ворганы звяртаюцца ў Фонд Сацыяльнай Абароны Насельніцтва (надалей ФСАН) з патрабаваньнем прадстаўленьня інфармацыі аб фактах сплоты за згаданых кіроўцаў-правапарушальнікаў абавязковых плацяжоў у ФСАН.
У выпадку атрыманьня адмоўнай інфармацыі, аб тым, што за такіх кіроўцаў фірма ня сплочвала належныя абавязковыя плацяжы ў ФСАН, мытныя ворганы робяць высновы аб тым, што з боку фірмы меў мейсца факт парушэньня патрабаваньняў абз.10, п.1.9. Дэкрэта № 6, у прыватнасьці транспартныя сродкі былі перададзеныя ў карыстаньне трэцім асобам і да фірмы мытнымі інспектарамі высоўваюцца патрабаваньні падатковага характару з даналічэньнем віры й ліхвы й прыцягненьнем службовых асобаў фірмы да адказнасьці.
Аднак ці такія патрабаваньні заўсёды адпавядаюць закону й з’яўляюцца справялівымі й абгрунтаванымі?
На наш погляд, сам па сабе факт сплоты ці ня сплоты абавязковых плацяжоў у ФСАН за працаўніка, яшчэ не з’яўляецца фактам парушэньня мытнага заканадаўства. Гэта з’яўляецца не болей чым ускосным доказам, які мае быць пацьверджаны йншымі доказамі.
Перш за ўсё адзначым, што ні Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 2009 г. № 40 “Аб фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны” (з наступнымі зьмяненьнямі і дапаўненьнямі), ні іншыя акты заканадаўства не ставяць у простую ці ўскосную залежнасьць факт сплоты плацяжоў у ФСАН і наяўнасьці працоўных стасункаў.
Абз. 2, артыкула 25 Працоўнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь наадварот прама кажа аб тым, што фактычнае дапушчэньне працаўніка да працы з’яўляецца пачаткам дзеяньня працоўнай дамовы незалежна ад таго, ці быў прыём на працу належным чынам аформлены.
Такім чынам, нават калі працаўнік не быў афіцыйна працаўладкаваны й за яго не сплочваліся плацяжы ў ФСАН ён яшчэ не губляе юрыдычны статус працаўніка працадаўцы.
Акрамя гэтага трэба таксама зьвярнуцца й да тэарэтычнай часткі мытнага рэгуляваньня й прыгадаць, што парушэньнем умоваў прадстаўленьня йльготаў з’яўляецца перш за ўсё перадача тавара на які прадстаўленыя мытныя ільготы ў эканамічнае карыстаньне трэцяй асобе, якая не мела правоў на падобныя ільготы, то бок калі губляецца эканамічны сэнс такой ільготы, яе мэтавая існасьць і прызначэньне, а сама такая асоба выступае, як незалежны ўдзельнік такога эканамічнага звароту (ажыццяўляе дзейнасьць на ўласную рызыку й уласным коштам) ці з’яўляецца непасрэдным выгодапрыдбальнікам ад карыстаньня такім таварам.
Пад эканамічным карыстаньнем мы разумеем перш за ўсё, уцягненьне такога тавару (ці прынамсі спробу ўцягненьня) у эканамічны зварот дзеля атрыманьня прыбытку ці іншай выгоды з гэткага ўцягненьня.
У такім выпадку павінен быць факт перадачы тавару самастойнаму, незалежнаму актару эканамічнай (ці прадпрымальніцкай) дзейнасьці. Ці з’яўляецца работнік фірмы, хай сабе й не належным чынам аформлены, такім незалежным актарам? На наш погляд безумоўна не, бо канечным выгодапрыдбальнікам ад яго дзейнасьці з’яўляецца не ён сам, а арганізацыя на якую ён хай і не афіцыйна, але працуе. Ён выконвае загады кіраўніцтва фірмы і непасрэдна фірма атрымлівае выгоду ад карыстаньня гэтай тэхнікай (таварам).
Паспрабуем разгледзець гэта на канкрэтных прыкладох:
Сытуацыя №1: Працаўнік Іваноў без належнага афармленьня працаваў на фірме А, заробак выплочваўся яму ў капэрце. Быў спынены ДАІ за перавышэньне хуткасьці на трасе Мінск-Брэст, заплаціў віру з афармленьнем пратаколу. З прадстаўленых дакументаў, вынікае, што на момант прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці фірма А, дзе быў неафіцыйна працаўладкаваны працаўнік Іваноў перавозіла груз, які ёй жа і належаў, па кантракту дастачы тавару для фірмы Б, якая знаходзіцца ў Брэсьце.
Эканамічнай дзейнасьцю з якой атрымліваецца выгода ад выкарыстаньня аўтамабіля – з’яўляецца дастача тавара. Яе ажыццяўляе фірма А, што пацьвярджаецца кантрактам куплі-продажу, суправаджальнымі дакумантамі й умовамі дастачы тавару ў дадзеным кантракце. Яна ж непасрэдна атрымлівае выгоду ад дастачы тавару, грамадзянін Іваноў выступае толькі як прадстаўнік фірмы А.
Сытуацыя №2. Грамадзянін Іваноў, быў спынены ДАІ за перавышэньне хуткасьці на трасе Мінск-Брэст, заплаціў віру з афармленьнем пратаколу. З прадстаўленых дакументаў вынікае, што ён кіраваў аўто, якое належала фірме А і было ўвезена з выкарыстаньнем фірмай А мытных ільготаў, нададзеных Дэкрэтам №6. На гэтым аўто грамадзянін Іваноў перавозіў тавар, які належаў фірме Б у адрас фірмы В. Фірма Б патлумачыла што ўзняла грамадзяніна Іванова, як індывідуальнага прадпрымальніка для перавозкі тавару на адрас фірмы В.
Як мы бачым, у такім выпадку, канечным атрымальнікам эканамічнай выгоды ад непасрэднага выкарыстаньня аўто з’яўляецца грамадзянін Іваноў, якому фірма А незаконна прадставіла ў карыстаньне аўтамабіль, які быў увезены з прадстаўленьнем фірме А мытных ільготаў. Дадзены грамадзянін самастойна карыстаўся аўтамабілем, вызначаў аб’ём, спосаб і парадак карыстаньня ім, выступаў у эканамічным звароце ў якасьці незалежнага выканаўцы, атрымліваў узнагароджаньне ў якасьці незалежнага выканаўцы.
Разуменьне гэтых прынцыповых адрозненьняў у размеркаваньні эканамічнай выгоды й рознасьці эканамічнай сутнасьці двух вышэўзгаданых схемаў, а таксама веданьне азоў працоўнага права павінна на наш погляд засьцерагчы мытныя ворганы ад несправядлівага й незаконнага прыцягненьня да адказнасьці суб’ектаў гаспадараньня, якія хаця й парушылі працоўнае заканадаўства, але не парушылі ні літары ні духу мытнага заканадаўства.
Спадзяемся, што суды таксама стануць на бок абароны суб’ектаў гаспадараньня ў выпадках, калі падставай для прыцягненьня фірмы да адказнасьці за парушэньне Дэкрэту №6 будзе толькі факт нясплоты плацяжоў у ФСАН за неафіцыйна працаўладкаванага работніка, фірмай, якая ўвезла тэхніку пад ільготы, прадстаўленыя Дэкрэтам №6 і прадставіла такую тэхніку для працы такому працаўніку.
Дэкрэт Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2012 году № 6 “Аб стымуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадзкіх паселішчаў, сельскай мясцовасьці” (з наступнымі зьмяненьнямі а дапаўненьнямі) – Декрет Президента Республики Беларусь от 7 мая 2012 г. “О стимулировании предпринимательской деятельности на территории средних, малы городских поселений, сельской местности” (в ред. Декретов Президента Республики Беларусь от 07.05.2012 N 6, от 31.01.2013 N 3, от 11.09.2013 N 5, от 27.06.2016 N 2)
Некаторыя пытаньні да тэста на факт парушэньня палажэньняў абз.10, п.1.9 Дэкрэта № 6:
- Хто з’яўляўся непасрэдным эканамічным выгодапрыдбальнікам ад выкарыстаньня тэхнікі?
- Ці дзейнічала фізічная асоба самастойна ці на падставе загадаў ад уласьніка\карыстальніка тэхнікі?
- Хто з’яўляўся суб’ектам праваадносінаў у якіх была задзенічана дадзеная тэхніка?
- Ці выступала фізічная асоба, кіроўца дадзенай тэхнікі незалежным выканаўцай ці проста выконвала загады уласьніка\карыстальніка аўто?