Плястыкавы сьвет перамог – фіят апынуўся мацней
Біткойн зараз падае й таму самы час крыху крытычна паразважаць наконт таго, чаго так і не дасягнулі энтузіясты крыптавалютаў і чаму біткойн так і не стаў заменай для фіятных грошаў.
Першы фактар, гэта – жорсткая валацільнасьць крыптавалютаў – адна з прычынаў чаму яны не могуць замяніць грошы. Просты прыклад, Вы ўмаўляецеся з чалавекам, што прададзіце яму аўтамабіль напрыклад за 3 біткойны і зыходзіце з курса ў 10 000 даляраў. Падпісваеце ўгоду, а ў дзень продажу курс біткойна сягае па 20 000 $ за «манэту». Безумоўна датрымлівацца абавязку заплаціць за раптам падаражэўшы ў два разы самаход для пакупніка німа ніякага сэнсу. А калі б курс біткойна наадварот ўпаў, то ўжо для спрадаўцы энтузіязм да продажу аўтамабіля быў бы сумнёўны.
Абмежаваная колькасьць крыптавалюты. Для любога мала-мальскі дасьведчанага ў фінансавым абарачэньні чалавека было адразу зразумела, што абмежаваная колькасьць крыптавалюты гэта адна з галоўных хібаў, якая зашкодзіла біткойну стаць сапраўднымі грашыма. Пакуль крыптаэнтузіясты не вырашаць праблему “цэнтральнага банку” для крыптавалютаў барацьба з фіятам загадзя будзе безнадзейнай. Калі казаць зусім папростаму, цэнтральны банк адказвае за належныя суадносіны грашовай масы да аб’ёму эканамічнага абароту. Калі эканоміка расьце й попыт на грошы большы, цэнтральны банк павялічвае колькасьць грошаў, каб пазбегнуць іх дэфляцыі, калі ж эканоміка запавольваецца – мэта цэнтральнага банку выняць з абарачэньня столькі грошаў наколькі адбыўся эканамічны спад, каб не правакаваць інфляцыю. Паколькі ў сучасных крыптавалютах ролю цэнтральнага банка ніхто не выконвае, то й аб’ём крыптавалюты не можа адэкватна дастасоўвацца да бягучага ўзроўню попыту на йх з боку ўдзельнікаў эканамічнага абарачэньня.
Дэцэнтралізацыя – як самамэта. Калі адкінуць лібертарыянскія ідэі, то можа апынуцца, што для ўсіх астатніх, хто не з’яўляецца жорсткім ворагам дзяржавы й дзяржаўнага рэгуляваньня, дэцэнтралізацыя не такая ўжо й неабходнасьць. Па другое, блакчэйн энтузіясты досыць супярэчліва разумеюць само значэньне дэцэнтралізацыі. У клясычным сэнсе дэцэнтралізацыя – гэта нешта, што супрацьстаўляецца цэнтру сілы. Напрыклад менавіты з пазіцыяў дэцэнтралізацыі зыходзілі бацькі-заснавальнікі ЗША з іх знакамітай сыстэмай стрыманьняў-і-супрацьвагаў паміж рознымі галінамі ўлады, што дазваляла на працягу некалькі стагоддзяў не ператварыць дзяржаўную ўладу ў краіне ў тыранічную дыктатуру, калі ўлада была б сканцэнтравана ў рукох аднаго чалавека люб невялікай купкі асобаў. Разам з тым, такая дэцэнтралізацыя меркавала наяўнасьць некалькіх альтэрнатыўных легальных цэнтраў сілы, з дакладна рэгламентаванымі паўнамоцтвамі кожнага з цэнтраў сілы й магчымасьцю фармалізаванага і прадказальнага ўзаемаўдзеяньня паміжсобку кожнага з цэнтраў сілы і з любым удзельнікам грамадзтва таксама. Гэта дазваляла зрабіць прадказальным і кіраваным на публічную карысьць працэс функцыянаваньня цэнтраў сілы.
З сэткамі блакчэйн усё зусім не так. Ніхто не адказвае за нішто. Нікому й нічога прад’явіць нельга. Пры гэтым дэцэнтралізацыя блакчэйна не прадугледжвае роўнасьць усіх удзельнікаў сеткі, адсутнічае фармалізаваны і прадказальны працэс, а схаваныя цэнтры сілы – тайныя хаўрусы й кааліцыі, якія дзейнічаюць нефармальна й таемна ва ўласных мэтах і не на карысьць іншай часткі ўдзельнікаў блакчэйну ператвараюць дэцэнтралізацыю ў інструмент злоўжываньняў і пусты гук, таму што фактычна ніякай дэцэнтралізацыі німа, а рэальная але схаваная ўлада канцэнтруецца ў сапраўдных драйвераў, рухавікоў сэткі, якія цэнтралізавана праз непразрыстасьць кіруюць ёю як хочуць, не бяручы пры гэтым на сябе ніякай фармальнай адказнасьці і абавязкаў.
Незваротнасьць аперацый. Як бы гэта прыхільнікі блакчэйн не выстаўлялі як плюс, але самі зводкі навінаў, кажуць што гэта далёка не заўсёды гэтак. На жаль блакчэйн амаль не мае механізмаў наданьня зваротнасьці транзакцыі ў сэтцы, якая была праведзена падманам, злоўжываньнем ці праз пагрозу. Тое, што ўжо досыць даўно ў клясычнай банкаўскай сферы з’ўялецца рызыкай правайдэра – то бок банку, у лібертарыянскім блакчэйне перакладаецца на плечы простых людзей.
Адсутнасьць механізмаў супраць манаполій і буйных гульцоў прывяла да таго, што сапраўднаму фрымену лавіць у майнінгу стала німа чаго, бо супрацьстаяць арганізаваным ордам сардукараў з ліку майнінгавых-пулаў фрыменам майнінгу проста немагчыма. То бок самыя хардкорныя крыптанархісты й сапраўдныя нэйтралы й вольныя стралкі не могуць супрацьстаяць тым, хто зусім не анархіст, а прадстаўнік кіраваных і добра арганізаваных групаў.
Пакуль гэтыя, а таксама шматлікія іншыя хібы не будуць пераадоленыя, крыптавалюты рызыкуюць так і застацца цалкам нішавай забаўкай фінансавага кірмашу, спекулятыўнымі фінансавымі йнструментамі постфорэкса й стварыць сапраўдную канкурэнцыю фіятным грошам наўрацьці здолеюць.
адвакат, к.ю.н., Віталь Каляда