Досыць цікава назіраць, як спробы замацаваць у падатковым заканадаўстве нормы, якія даўно йснуюць у йншых краінах Эўропы сустракаюць адчайны супраціў бізнэса, напрыклад артыкул 15 новай рэдакцыі Падатковага Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб падатковым рэзыдэнстве. Канешне бізнэс будзе супраць, бо для бізнэса лягічным з’яўляецца мінімізацыя падатковага цяжара, лягічна, што дзяржава з павышанай сацыяльнай адказнасьцю павінна ймкнуцца да супрацьлеглага – павялічваць прыток грошаў у бюджэт краіны, асабліва ў часы эканамічных выклікаў.
Тут жа ўзьнікае й факт дуалістычнага стаўленьня тутэйшага бізнэс-эстэблішмента да ангельскага права. З аднаго боку ўсё прагрэсіўнае грамадзтва лічыць, што ангельская права – гэта wow & cool! Але толькі, што тычыцца канвертуемых займаў, апцыёнаў ці карпаратыўных угодаў. Але ж гэта не ангельскае права, гэта частка ангельскага права. Іншай часткай ангельскага права з’яўляецца ймператыў for those companies not incorporated in the UK, they will be considered UK tax resident if they are centrally managed and controlled in the UK (тыя кампаніі, якія не створаны на тэрыторыі Аб’яднанага Кральства, будуць уважацца за падатковых рэзыдэнтаў Аб’яднанага Кральства ў выпадку, калі яны цэнтралізавана кіруюцца альбо кантралююцца з тэрыторыі Аб’яднанага Кральства), уласна тое ж самае, што замацавана ў праекце артыкула 15 Падатковага Кодэкса Рэспублікі Беларусь, ні больш ні менш.
Улічваючы, які вэрхал узняўся супраць гэтай рэдакцыі артыкула, мы не будзем рабіць стаўкі на тое, што яна застанецца ў існай рэдакцыі. “Абуранае бізнэс-грамадзтва” ТМ, якое мае лоббі, думаю мае неблагія шанцы “пракачаць” зьмены на сваю карысьць.
Але ўсё гэта прынамсі дазваляе зрабіць наступныя высновы, якія кожны вольны трактаваць негатыўна\пазітыўна ў залежнасьці ад уласных поглядаў:
- Пад соўсам дыялёгу бізнэса й дзяржавы фактычна склалася лоббі группа пэўных сэктароў эканомікі. Таму да заяваў такіх прадстаўнікоў лоббі трэба ставіцца, як да… прадстаўнікоў лоббі, разумеючы, што iх каментары й публічная пазіцыя – гэта не спроба знайсьці нейкі аб’ектыўны кампрамісс і інтарэс бізнэса, дзяржавы, грамадзтва, а перш за ўсё спроба пралаббіраваць інтарэсы сваёй групы. Напэўна менавіта з гэтага старажытныя рымляне вывелі аксіёму – “ніхто не можа быць аб’ектыўным судзьдзёй ва ўласнай справе”.
- Ангельскае права ангельскаму праву рознае. І цаўкам, як мы бачым, ангельскае права пэўным бізнэс-колам не вельмі й патрэбнае. Патрэбны толькі карысныя “элементы” гэтага самага ангельскага права. Прагрэс таксама бізнэс-колам патрэбны толькі ў той частцы, якая адпавядае йнтарэсам бізнэсу, прагрэсіўная інтэграцыя беларускай падатковай прасторы ў агульнасусьветны фармат – гэта часам вельмі непрыемна для тутэйшых бізнэс-колаў.
- Незадаволеныя прадстаўнікі бізнэс-колаў фактычна распісаліся ў факце валоданьня за мяжой карпаратыўных структураў, якія носяць фармальны, тэкнічны характар і фактычна кантралююцца з тэрыторыі Беларусі. А трэнды зараз сусьветныя як раз ідуць у кірунку таго, каб не дазволіць сапраўдным “кантралёрам” хавацца за карпаратыўным вэлюмам тэкнічных карпаратыўных структураў.
Адзначым, што нават фармальная перамога лоббі над аўтарамі йснай рэдакцыі артыкула 15 Падатковага Кодэксу не будзе стоадсоткава азначаць, што падатковыя й праваахоўчыя ворганы адступяць ад тэмы “замежных” прыбыткаў фактычна беларускіх кампаній, тым болей што дзеючае заканадаўства не зачыняе шчыльна дзьверы перад ахвочымі для патрэбнай трактоўкі падатковага рэзыдэнства, было б толькі жаданьне.