Беларускія суды сапраўды радзей сталі ўжываць канфіскацыю, як сродак пакараньня па адміністрацыйных справах у дачыненьні да прадпрымальніцкай дзейнасьці. Але калі да Вашага тавару ня ўжылі канфіскацыю, гэта не значыць, што Вы можаце спаць спакойна. Перш за ўсё, калі ў Вас затрымалі тавар, асабліва, калі гэта прадукты ці йншы хуткапсуйны тавар, паклапаціцеся, каб у Гандлёвы Дом “Усходні” ці йншую арганізацыю, адказную за рэалізацыю канфіскату была накіравана прозьба Вашай арганізацый аб удзеле ў акцыёне па продажы Вашага тавару, які хутчэй за ўсё адбудзецца раней, чым адміністрацыйны суд. На гэтым аўкцыёне ў Вас будзе магчымасьць выкупіць Ваш жа тавар. У выпадку калі Вы выйграеце суд, альбо канфіскацыя ня будзе ўжыта, Вам вернуць заплачаныя Вамі на аўкцыёне грошы. Калі Вы гэтага не зробіце, будзьце рыхтовыя да таго, што Вам кампенсуюць не сапраўдны кірмашовы кошт тавару, а толькі ў памеры той сумы, якую выручылі ад продажы на аўкцыёне, а яна можа быць у некалькі разоў меней. На жаль, закон прадугледжвае толькі такі механізм кампенсацыі.
Прыклад з практыкі:
У бізнэсмэна затрымалі воз (рас. груз) рыбы, склалі адміністрацыйны пратакол. Пакуль бізнэсмэн чакаў суда, рыбу, кірмашовым коштам 10К эўра прадалі на аўкцыёне за 2К эўра. Суд канфіскацыю не ўжыў, але бізнэсмэну вярнулі толькі дзьве тысячы эўра, якія выручылі ад продажы з аукцыёна. На запыт, чаму яго пра аўкцыён не папярэдзілі, паведамілі, што не было кантактаў і заявак і гэта пры тым, што ў суправаджальных дакумантах усе кантакты былі.
Будзьце пільнымі й мейце гэта на ўвазе.